Чорны дзень [Алесь Пальчэўскі] (fb2) читать постранично

- Чорны дзень 685 Кб, 75с. скачать: (fb2) - (исправленную)  читать: (полностью) - (постранично) - Алесь Пальчэўскі

 [Настройки текста]  [Cбросить фильтры]



Вакзалы, вакзалы... Колькі іх, розных: чыгуначных і аўтобусных, рачных і марскіх, вірлівых і спакойных, гаманкіх і ціхіх! Натоўпы людзей, як марскія хвалі, то раптам запоўняць іх, то схлынуць, пакідаючы дзе-нідзе на шырокіх, гамузных канапах-лаўках пасажыраў, што чакаюць сваіх маршрутаў.

Завітаем на адзін з вакзалаў, на чыгуначны Мінскі, паназіраем, як выходзяць людзі з маскоўскага цягніка. Мітусліва, як тыя пясчынкі ў крынічных ручаях, усе стараюцца хутчэй у горад. Перон увачавідкі пусцее. Скончыліся абдымкі, пацалункі з доўгачаканымі гасцямі. Гэтыя выходзяць апошнімі. Ім спяшацца няма ўжо асаблівай патрэбы. Праз некалькі хвілін лягчэй будзе сесці ў аўтобус ці трамвай або ўзяць таксі на стаянцы, калі гэта не зроблена загадзя.

Сярод апошніх пасажыраў выйшаў на Прывакзальную плошчу чалавек з плашчом на левай руцэ і з чамаданчыкам — у правай. Яшчэ ў вагоне ён даведаўся ад правадніцы, калі ідзе прыгарадны на Койданава. Часу ў яго было ў запасе, а таму чалавек і не надта спяшаўся. Ён акінуў вачыма мітуслівую плошчу і затрымаў позірк на двух высозных будынках — нібы слупах гарадскіх варот. Разглядаючы іх, прыпомніў, што было раней на гэтай вуліцы. Уявіў аднапавярховыя пад шалёўкай драўляныя домікі, пафарбаваныя ў зялёны колер, з аканіцамі, а перад імі, абапал бруку, купчастыя ліпы. У адным з гэтых домікаў былі калісьці пры нэпе мэбляваныя пакоі пад гучнай назвай «Эльбрус». Тут можна было пераначаваць, выпіць вечарам і раніцай шклянку чаю, гаспадыня магла сама схадзіць ці паслаць дачку купіць вам што на снеданне... Успомніўся пачатак трыццатых гадоў. «Пачакай, а як жа называлася тады гэта вуліца?.. Здаецца, Адзіннацатага ліпеня. Канечне, у гонар вызвалення Мінска ад белапалякаў перайменавалі Міхайлаўскую. Цікава, як жа яна цяпер называецца?»

Чалавек перайшоў цераз плошчу, прачытаў на вышынным доме: вуліца Кірава. Пастаяў трошкі, паглядзеў адсюль на будынак вакзала, прыгадаў, што да вайны на старым будынку быў умураваны вялізны электрычны гадзіннік, якія ўваходзілі тады ў моду, і гэта было вельмі зручна пасажырам. Затым успомніў, што трэба і на вакзале дазнацца яшчэ, калі ўсё ж ідзе яго цягнік, і вярнуўся назад.

Часу да ад’езду, як даведаўся, аставалася. Можна было пайсці паблукаць па горадзе, паглядзець, як адбудаваўся ён. Час дазваляў на агледзіны, але чалавек адклаў іх на пазней: калі будзе вяртацца назад. А цяпер зайшоў у пачакальню ў надзеі прысесці, сабрацца з думкамі. Вольных месцаў не знайшлося. Тады перайшоў цераз вестыбюль на другую палавіну вакзала. I тут усе месцы былі заняты. Пачаў узірацца, на якой канапе хоць трошкі вальней. Падышоў да адной, паставіў на падлогу, каля ног, чамадан і абапёрся на спінку лаўкі, побач з пасажырам, які чытаў ранішнюю газету.

Чалавек паправіў на руцэ плашч, пазіраючы на пасажыра, ці не здагадаецца той трошкі пацясніцца, каб даць яму месца. Упэўніўшыся, што яго ніхто не заўважае ў гэтым людскім тлуме перапоўненай залы, чалавек нахіліўся і нясмела папрасіў:

— Ці нельга каля вас, дарагі, прысесці на часінку?

Пасажыр апусціў на калені газету, зняў акуляры і раней, чым адсунуцца, паглядзеў у твар таму, хто прасіў. Нешта знаёмае, даўно бачанае і даўно забытае мільганула ў рысах прадаўгаватага твару з крапінкай над брывом, у вострым позірку запалых ужо вачэй гэтага пажылога чалавека. Адсоўвацца не было вельмі куды, аднак пасажыр з газетай моўчкі пацясніў трошкі суседа і сцяўся, як мог, сам.

— Дзякую, хоць на краёчку, усё ж не на нагах стаяць,— апусціўся чалавек з плашчом на руцэ на лаўку, падсунуў бліжэй чамадан і прыціснуў яго нагамі.

Тое, што новы сусед па лаўцы здаўся знаёмым, не давала цяпер спакою пасажыру з газетай у руцэ. Ён сіліўся ўспомніць, дзе яны маглі бачыцца, і не прыгадваў. I, як заўсёды бывае ў такіх выпадках, пачаў распытваць, куды едзе чалавек.

— У Бярэжу, а там яшчэ кіламетраў сем да Прудкоў дабірацца. Куды адтуль дарога ляжа — не ведаю.

— Калі не сакрэт, здалёк завіталі ў наш край?

Чалавек зняў з рукі плашч, акуратна склаў яго, палажыў на каленях, а наверх — капялюш, дастаў з верхняй кішэні пінжака расчоску і правёў ёю некалькі разоў па рэдкіх пасівелых валасах.

— А які тут можа быць сакрэт? — павёў ён брывамі.— Жыву на Далёкім Усходзе, а прыехаў сюды шукаць сына.

Пасажыр з газетай у руцэ мелькам зірнуў у твар суседу і, баючыся, што можа ён не расслухаў, нясмела перапытаўся:

— Прабачце, сына ці ўнука?

— Я сказаў — сына,— паўтарыў чалавек з плашчом на каленях.— А можа, і ўнукаў знайду, калі жывы дзе мой Толя ды мае дзяцей,— дадаў лагодней.

— Даўно прапаў?

— Перад вайной.

Пасажыр раптам пачаў скручваць газету ў трубачку.

— I ўвесь час не бачыліся?

Папраўляючы плашч на каленях, чалавек кіўнуў